Умные каникулы для учителей

Разумныя канікулы для настаўнікаў

20 08 2015

Зараз не толькі ў навучэнцаў разумныя канікулы. Настаўнікі таксама імкнуцца набыць новыя веды, уменні, навыкі, таму я прапаную нядрэнны варыянт для самаадукацыі. Ёсць цудоўны партал “Адукацыйная галактыка Intel@”. Раю звярнуцца да курсаў праграммы Intel “Навучанне для будучыні” (серыя “Элементы”). Курсы спецыяльна распрацаваны для прафесійнага развіцця настаўнікаў.

Віртуальныя выкладчыкі, інтуітыўна-паняційны інтэрфейс курса, цікавы і ёмісты змест, інтэрактыўныя практыкаванні — усё гэта робіць працэс навучання цікавым і захапляльным. На выкананне заданняў курса спатрэбіцца 10—14 гадзін работы ў вольны час. Пасля навучання слухачам будзе прапанавана прайсці тэсціраванне, каб атрымаць сертыфікат аб заканчэнні курса. Мне пашанцавала скончыць усе курсы, якія прапануюцца зараз, і атрымаць адпаведныя сертыфікаты.
“Метад праектаў” накіраваны на падрабязнае вывучэнне праектнага навучання ў школе: як планаваць праект, які адпавядае мэтам адукацыі; як ацэньваць дзейнасць вучняў у праекце, фарміраваць неабходныя навыкі, самастойнасць; як выкарыстоўваць інструменты крытычнага мыслення для развіцця пазнавальных і творчых уменняў вучняў; як прымяняць сродкі ІКТ для эфектыўнай работы ў класе і дома.


Курс “Метады ацэньвання ў класе XXI стагоддзя” навучыць новым інструментам ацэньвання і іх выкарыстанню ў вучэбным працэсе. Сучасныя навучэнцы выконваюць розныя формы работ. Не заўсёды настаўнікі гатовы даць правільную ацэнку прэзентацыям, ролікам, відэафільмам і г.д. А гэты трэнінг узброіць крытэрыямі ацэньвання мультымедыйнай прэзентацыі, газеты і часопіса, відэа, партфоліа, вікі-сайта, блога. Педагог будзе ўзброены крытэрыямі ацэньвання супрацоўніцтва вучняў у групе, самаацэньвання навучэнцаў, творчага падыходу, аргументацыі. Стратэгій столькі, што метадычны савет школы, які я ўзначальваю, другі год запар адаптуе іх да нашай навучальнай установы. Наперадзе ў нас яшчэ шмат работы над стварэннем метадычнага прадукту па стратэгіях ацэньвання.
Курс “Метады супрацоўніцтва ў класе XXI стагоддзя” дазволіць настаўнікам даведацца, як супрацоўніцтва дапамагае развіваць якасці і ўменні XXI стагоддзя, як павысіць матывацыю да навучання, як падрыхтаваць дзяцей да рэальнага жыцця. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўзаемадзеянню навучэнцаў у віртуальнай прасторы. Напрыклад, па ўзоры можна скласці правілы выкарыстання інтэрнэту ў сваёй школе. Шмат увагі ўдзяляецца правілам бяспекі ў час выкарыстання інтэрнэту. Таксама разглядаюцца этычныя паводзіны карыстальнікаў. Элементарныя веды па медыяпісьменнасці дапамогуць настаўнікам растлумачыць дзецям многія відавочныя рэчы. Напрыклад, як абараніць аўтарскія правы на прасторах інтэрнэту.
“Крытычнае мысленне ў час работы з данымі” — трэнінг, асабліва карысны педагогам, якія займаюцца з навучэнцамі даследчай дзейнасцю. Акцэнт у трэнінгу робіцца на выпрацоўцы ў дзяцей мыслення, заснаванага на аналізе даных.
Напрыклад, разам з навучэнкай мы працавалі над даследчай работай “Маральныя каштоўнасці ва ўспамінах ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны”. Менавіта інструментарый трэнінгу “Аналіз якасных даных” дазволіў прааналізаваць вусныя ўспаміны з дапамогай дыяграмы. Дзяўчынка з гэтым даследаваннем удзельнічала ў абласным конкурсе работ даследчага характару.
“Даследаванні на ўроках прыродазнаўчых навук”. Здаецца, курс разлічаны на настаўнікаў фізікі, хіміі, біялогіі. Але там шмат карыснага для педагогаў, якія выкладаюць іншыя прадметы. Падрабязна асвятляюцца этапы школьнага навуковага даследавання, навыкі паспяховага мыслення, мадэль даследчай дзейнасці і г.д. Незалежна ад прадмета, курс дапаможа закласці аснову выкарыстання навуковых даследаванняў на ўроках і ў пазаўрочны час. Ёсць шмат інтэрнэт-спасылак на прыклады дзіцячых даследчых праектаў, у тым ліку і міжнародных.
Трэнінг “1 вучань — 1 камп’ютар” гаворыць сам за сябе. Кожны навучэнец павінен у класе мець камп’ютар. Калі такіх магчымасцей няма, то настаўнік усё роўна знойдзе ў курсе шмат карыснага матэрыялу для работы. Напрыклад, даведаецца пра лічбавае грамадства, стратэгіі развіцця мэтанакіраванасці, пра актыўнае кіраванне навучаннем і анлайн-інструменты супрацоўніцтва, структуру навучання ў XXI стагоддзі.
Трэнінгі даюць магчымасць не толькі настаўнікам-прадметнікам арганізаваць плённую працу з навучэнцамі. Намеснікі дырэктараў, метадысты, кіраўнікі метадычных структурных падраздзяленняў розных ступеней атрымаюць багаты матэрыял для работы з педагогамі на даволі працяглы час.
На адукацайным сайце Intel на восеньскіх і веснавых канікулах рэгулярна праводзяцца анлайн-канферэнцыі. Зарэгістраваны карыстальнік можа прайсці майстар-класы, паўдзельнічаць у вэбінарах, флэш-мобах. Запісацца на майстар-класы няпроста. Вельмі многа жадаючых: ведаю з уласнага вопыту.
Прайшла навучанне ў межах дыстанцыйнага практыка-арыентаванага семінара “Развіццё інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя па патрабаваннях ФДАС”. Каб атрымаць сертыфікат, я вывучала майстар-клас “Вывучаем свой край пры дапамозе інтэрнэт-тэхналогій”. Вядучая Людміла Аляксандраўна Сярых, загадчыца аддзела інфармацыйных тэхналогій Цэнтра развіцця адукацыі Самары, дала ўнікальны матэрыял, які я выкарыстоўваю з навучэнцамі ў даследчай рабоце па краязнаўстве. Менавіта яе матэрыял дапамог у стварэнні класнага праекта “Бессмяротны ўзвод”.
Л.А.Сярых узброіла ўдзельнікаў майстар-класа варыянтамі правядзення віктарын у інтэрнэце на бясплатных сэрвісах. Шмат увагі было ўдзелена навучанню методыцы праверкі надзейнасці інтэрнэт-рэсурсаў. Школьнікі выкарыстоўваюць інфармацыю з інтэрнэту і прыносяць гэта ў школу. Пасля майстар-класа я вучу іх рабіць праверку матэрыялаў на навуковай аснове.


У межах II Міжнароднай адукацыйнай навукова-практычнай анлайн-канферэнцыі “Новая школа: мой маршрут”, арганізаванай пры ўдзеле Intel, вывучала майстар-клас Лоры Віктараўны Краўчанка “Канструктар урокаў у сацыяльнай сетцы ”. Не пашкадавала. У сацыяльнай сетцы “УКантакце” ёсць старонка, на якой размешчаны метадычныя парады па стварэнні ўніверсальнага канструктара для планаў урокаў. Не адразу, але калі папрацаваць, то атрымаецца. Думаю, што маладому пакаленню педагогаў, якія на “ты” з інтэрнэтам, гэты рэсурс будзе карысны найперш таму, што зробіць работу па напісанні паўрочных планаў лягчэйшай.
На анлайн-канферэнцыі “Развіццё інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя і навукова-тэхнічная творчасць у сучаснай школе” атрымала магчымасць паўдзельнічаць у дыскусіі “Тэхнічныя навінкі ў школе: плюсы і мінусы” пад кіраўніцтвам Марыны Аляксандраўны Лівянец. Паралельна прайшла навучанне на дыстанцыйным курсе “Флэш-моб “У памяць аб вайне” Ганны Вячаславаўны Малковай. Зноў навучылася карыстацца новымі, цікавымі сэрвісамі. Напрыклад, Make Your Images Interactive — ThingLink, thinglink.com, дзе ўдзельнікі стваралі помнікі — інсталяцыі. Мной быў створаны помнік героям Брэсцкай крэпасці, які змясціла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы “УК”. Навучэнцам спадабалася. Яны паспрабавалі стварыць свае помнікі.
Па выніках усіх трох анлайн-канферэнцый мне былі дасланы сертыфікаты. Акрамя таго, пасля заканчэння анлайн-канферэнцый карыстальнікі партала маюць магчымасць атрымаць усе матэрыялы ў раздзеле “Медыятэка”.
У маім настаўніцкім партфоліа яшчэ шмат майстар-класаў, якія я хачу вывучыць. Гэта “Мабільная граматнасць”, “Слайд-шоу з музычным суправаджэннем”, “Інтэрактыўныя сэрвісы на ўроках гуманітарнага цыкла”.
На класных гадзінах у час падрыхтоўкі да свят цудоўным дапаможнікам стане майстар-клас Андрэя Ражкова “Казачных спраў майстар”. Там майстар (дарэчы, настаўнік інфарматыкі) вучыць маляваць.
Жадаючыя маюць магчымасць удзельнічаць у шматлікіх блогах партала, апісваюць сваю гісторыю поспеху. Штомесяц налічваюцца балы. За пэўную колькасць балаў актыўныя блогеры атрымліваюць прызы.
Свае напрацоўкі прадэманстравала ў час пасяджэння раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі. На адкрытым уроку ў 8 класе па гісторыі Беларусі па тэме “Архітэктура і мастацтва” раздзела II “Беларусь у другой палове XVII — першай палове XVIII ст.” навучэнцы паказалі свае праекты. Таксама на сайце docs.google.com размешчаны план вучэбнага даследчага праекта “Культурная спадчына мікрарэгіёна нашай школы”. Гэты праект дазволіў навучэнцам нашай установы перамагчы на двух раённых і заняць 2 месца на абласным конкурсе вучнёўскіх работ даследчага характару. Да 70-годдзя Вялікай Перамогі навучэнцы 8 класа, дзе я з’яўляюся класным кіраўніком, падрыхтавалі праект “Бессмяротны ўзвод”. Працавалі падлеткі ў анлайн-прасторы: выкарыстоўвалі даныя парталаў “Памяць народа”, “Подзвіг народа”, “Мемарыял”.
Развіваю настаўніцкія інфармацыйна-камунікацыйныя кампетэнцыі праз удзел у сеткавых праектах. Да 70-годдзя Вялікай Перамогі працавала ў межах настаўніцкага даследавання “Карта Памяці. Школьны музей”. У ліпені з навучэнцамі 7—8 класаў удзельнічалі ў сеткавым праекце “Мы — нашчадкі князя Уладзіміра”. Дзеці навучыліся ствараць на сэрвісах Google свае электронныя паштовыя скрыні, рабіць прэзентацыю, запаўняць анлайн-табліцы са справаздачамі. Не адразу ўсё лёгка і зразумела. Дапамагаюць іншыя настаўнікі — удзельнікі праекта, якія жывуць на прасторах СНД.
Я належу да той катэгорыі настаўнікаў, у якіх у школе не было ўрокаў інфарматыкі. Мне складана карыстацца многімі інтэрнэт-рэсурсамі. Але з якім натхненнем вучні дапамагаюць! Наша сумесная работа з дапамогай партала “Адукацыйная галактыка Intel@” прыносіць плён. Мы ствараем адукацыйныя прадукты ў інтэрнэт-прасторы. Гэта даследчыя работы, прэзентацыі да ўрокаў, праекты, флэш-мобы.
Мае выхаванцы — сучасныя вучні XXI стагоддзя. Яны вучацца праяўляць творчы падыход і наватарства, развіваюць крытычнае мысленне і ўменне вырашаць праблемы, авалодваюць камунікабельнасцю, спрабуюць актыўна супрацоўнічаць, набываюць інфармацыйную і медыяпісьменнасць, сацыяльныя і крос-культурныя якасці, рыхтуюцца быць гнуткімі і здольнымі да адаптацыі, ініцыятыўнымі і самастойнымі, прадукцыйнымі і ўцягнутымі ў жыццё, імкнуцца быць лідарамі і браць адказнасць на сябе.

Наталля БАРТОШЫК,
настаўніца гісторыі Бокшыцкай сярэдняй школы Слуцкага раёна Мінскай вобласці.