Сфарміраваць пачуццё карпаратыўнай салідарнасці

Сфарміраваць пачуццё карпаратыўнай салідарнасці

17.09.2015  http://forum.ng-press.by/?p=225

Сваю “Настаўніцкую газету” чытаю з ручкай у руках і падкрэсліваю цікавае. Цудоўна, што з’явіўся “Форум”, дзе можна прачытаць меркаванні па многіх хвалюючых пытаннях.

             Дзякуй Святлане Гін і Інесе Зубрылінай за іх цудоўныя аповеды пра чэшскую і фінскую школы. Калі расказала сваім калегам падчас школьнага праблемнага семінара і гісторыкам у межах раённага метадычнага аб’яднання пра асноўныя ідэі гэтых двух артыкулаў, то яны, узрушаныя, падыходзілі і дзякавалі мне за смеласць і творчасць. Але рабілі гэта пасля пасяджэнняў. Такі наш настаўніцкі менталітэт. Думаю, калі мы, настаўнікі, не сфарміруем у свядомасці пачуццё карпаратыўнай салідарнасці, то на “Форуме” будуць выказвацца адзінкі.

Я не з’яўляюся ўдзельніцай клуба “Крыштальны журавель”, але яго члены мне вельмі блізкія па настаўніцкай ментальнасці. За свой уласны кошт і па сваёй ініцыятыве наведала І, ІІ і IV рэспубліканскія калядныя фестывалі ў АПА, арганізатарамі і вядучымі якіх з’яўляліся менавіта “жураўлі”. Прысутнічала на многіх іх майстар-класах. Сапраўды прыемна, калі збіраюцца аднадумцы, тады і ў цябе вырастаюць крылы. Пасля такіх стасункаў немагчыма прафесійнае выгаранне.
У нумары ад 5 мая мяне не пакінуў абыякавай артыкул Алены Пратасевіч “Рубель вызначае свядомасць”. Згодна з кожным словам аўтара. У многіх настаўнікаў адсутнічае павага да ўласнай прафесіі. Падлеткі глядзяць на адвечна незадаволеных настаўніц, якія скардзяцца, таму зразумела, што яны не захочуць выбіраць гэтае рамяство.
Многае ў пазіцыяніраванні настаўніцкай прафесіі залежыць ад самога педагога. Многае, але не ўсё. Не толькі сярод “жураўлёў” ёсць прафесіяналы, якія імкнуцца змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Але ў гэтым выпадку, на маю думку, і мой асабісты досвед — адзін у полі не воін. Настаўніца Іна Рычардаўна Віннік заўважыла: “Я стала такой таму, што працую менавіта ў гэтай школе, з гэтым дырэктарам. У іншай школе я была б іншай”.
Уявім, настаўнік-творца апынуўся ў неспрыяльным да самаадукацыі асяроддзі, дзе ўсё вызначае рубель. Яму давядзецца сістэматычна змагацца з кпінамі, непаразуменнем. Адміністратарамі не заўсёды прызначаюцца лепшыя настаўнікі. Ці могуць зразумець “белую варону” ў сваім калектыве, якая не дае спакойна жыць?
Колькі заўгодна настаўнік, як і любы спецыяліст у іншай сферы, можа старацца, імкнуцца да самаразвіцця ў прафесіі, развіваць часта нематываваных вучняў, займацца метадычнай работай, дапамагаць калегам расці. Гэта будзе дарэмна с пункту гледжання маральнай, матэрыяльнай падтрымкі рупліўца, калі тыя, хто павінен гэта заўважаць і адзначаць, не на сваім месцы.
Настаўнік павінен умець працаваць з усімі вучнямі: здольнымі і не вельмі, матываванымі і абыякавымі. Майстэрства педагога-прадметніка менавіта ў штодзённым выкладанні прадмета. Наша рамяство — гэта методыка. Не заўсёды ўсе вучні — алімпіяднікі ці даследчыкі. А калі школа маленькая, вясковая, дзе ў класах па 5—10 навучэнцаў? Хіба віна настаўніка, што няма ў яго здольных да навукі вучняў? А ён працуе самааддана, творча. Ёсць вынік: дзеці любяць прадмет, паважаюць педагога, бацькі добра ставяцца да настаўніка. Хіба гэта не паказчык майстэрства? Праверыць гэта не складае асаблівых праблем. Чаму толькі перамогі на алімпіядах і конкурсах школьнікаў лічацца дасягненнямі для ўшанавання педагога?
Зараз вельмі актуальныя піяр-тэхналогіі. Няшмат, але ёсць літаратура па гэтай тэме ў нашых педагагічных выданнях. Праводзяцца семінары. Не выключаю, што гэтая прапанова не ўсім спадабаецца. Пры жаданні можна навучыцца і школьнай адміністрацыі, метадыстам раённага звяна піярыць сваіх настаўнікаў. Не трэба хвалявацца, што настаўнік стане больш вядомым, чым дырэктар ці завуч. Памятайце, што закон бумеранга ніхто не адмяняў. Нагадаю параду Дэйла Карнегі: “Стварайце людзям добрую рэпутацыю, якую яны будуць імкнуцца апраўдаць”.
Можна многа гаварыць пра недастатковае майстэрства настаўніка, вінаваціць яго бясконца. Лепш дапамагчы яму — калі не справай, дык падтрымаць добрым словам. Настаўнік павінен быць ушанаваны, прызнаны грамадствам, тады ён захоча расці прафесійна і не толькі рубель будзе вызначаць свядомасць педагога.

Наталля БАРТОШЫК,
настаўніца гісторыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі 
Бокшыцкай сярэдняй школы Слуцкага раёна Мінскай вобласці.